2009. Саша і адсутнасць пярэдняга зуба
Тыповае абагульняе людзей, а характэрнае іх адасоблівае. Мяне цікавяць характары, бо яны здзіўляюць, яны вылучаюцца, яны запамінаюцца. Дзякуючы характарам, адбываюцца рухі, змены, ператварэнні. Характары невыгодныя грамадству. Грамадства самазадавальняецца тыповым, стабільным, абагульненым. Грамадству патрэбна жалезная плынь тыповага, а не зыркае полымя харызматычнай асобы. Грамадству патрабуюцца пасады, прызначэнні, агульныя адзнакі. Вылучанасць яскравага характару асуджаецца грамадствам. Каб зацяніць характар, грамадства ідзе на падробку, падмяняе характар артыстычна выкананай лялькай. Выкарыстоўваючы кіно і тэлебачанне, грамадства стварае тып, не вобраз, а менавіта тып. Прыклад: яно фінансуе кіно пра настаўніка. Замест сапраўднага настаўніка з характэрнай і запамінальнай знешнасцю, на мільёнах экранаў з’яўляецца саладжавы тварок актора, які робіць выгляд, што ён добры, разумны і запатрабаваны настаўнік. Слабадушныя супрацоўнікі навучальных устаноў пачынаюць пераймаць манеры актора. Сапраўднаму настаўніку вельмі цяжка працаваць ва ўмовах такой вялікай хлусні. Але ў сапраўднага настаўніка ёсць характар. Я добра ведаў настаўніка Карпейчыка, у якога выпаў пярэдні зуб, і які свядома выкарыстаў гэткую, брыдкую на першы погляд дэталь знешнасці, каб падкрэсліць сваю адметнасць і запамінальасць. Я лічыў, што адсутнасць пярэдняга зуба ў школьнага настаўніка занадта выразная дэталь, што гэта – гратэскны перабор выразнасці. Таму ў маім кашальку ляжала візітоўка стаматалагічнай паліклінікі, якую я збіраўся аддаць Карпейчыку з абяцаннем аплаціць паслугі дантыста. Ці прыняў бы ён такі падарунак? Пасля сыходу Карпейчыка, пытанне застаецца без адказу. Я збіраўся настойваць на падарунку, як ён настойваў на тым, каб я прыняў кнігі лірыкі з ягонай бібліятэкі. Я падарунак прыняў, больш за тое, зрабіў спіс кніжак, якіх у мяне не хапае ў падоранай серыі. Той спіс я паклаў у кашалёк побач з візітокай дантыста, бо Саша Карпейчык абяцаўся прынесці кнігі па гэтым спісе. Спіс кароткі: дэ Камоэнс, Цютчаў, Нэзвал, Петэфі, Украінка. Сягоння я дастаў са свайго кашалька візітоўку дантыста, бо Саша адасобіўся ад мяне назаўжды, пакінуўшы адно ўспаміны пра свой адметны характар.